За 10 гадоў школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, стала менш на траціну
Беларускамоўныя школьныя слоўнікі / adukar.com
У Беларусі працягвае змяншацца колькасць школьнікаў, якія навучаюцца на беларускай мове. Пра гэта сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта, якія прааналізавала выданне "Позірк".
У канцы 2014-га па-беларуску ў краіне вучыліся 135 523 навучэнцы, а ў канцы 2024-га — 88 885, або на 34,4% менш. Колькасць тых, хто навучаецца па-руску, вырасла на 22,6% — з 808 293 да 991 274 навучэнцаў.
Па рэгіёнах сітуацыя выглядае так:
Брэсцкая вобласць: на беларускай мове — зніжэнне на 30,7% (з 32 425 да 22 479), на рускай — павелічэнне на 17,9% (з 126 400 да 149 018);
Віцебская вобласць: -59,1% (з 13 112 да 5366) і +14% (з 96 173 да 109 639) адпаведна;
Гомельская вобласць: -37,2% (з 18 567 да 11 669) і +17,7% (з 128 468 да 151 158);
Гродзенская вобласць: -43,2% (з 18 200 да 10 341) і +22,8% (з 89 146 да 109 509);
Мінская вобласць: -24,4% (з 35 811 да 27 074) і +34,4% (з 104 433 да 140 372);
Магілёўская вобласць: -43,7% (з 13 468 да 7588) і +13,3% (з 94 724 да 107 366);
Мінск: +10,9% (з 3940 да 4368) і +32,7% (з 168 949 да 224 212).
Лукашэнкаўскі рэжым паслядоўна праводзіць русіфікацыю. Вышэйшую адукацыю па-беларуску можна атрымаць толькі па неколькіх гуманітарных спецыяльнасцях. Сфера ўжывання беларускай мовы пастаянна скарачаецца. Паводле перапісу насельніцтва, колькасць беларусаў, якія лічаць сваёй роднай мовай беларускую, знізілася з 85,6% у 1999 годзе да 61,2% у 2019-м.
Мноства арганізацый, якія займаліся развіццём беларускай культуры, былі ліквідаваныя падчас палітычных рэпрэсій, якія рэжым лукашэнкі разгарнуў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.