Юнак, незадаволены доўгай чаргой, паведаміў пра мініраванне банка

Следства выявіла, што 17 гадовы падлетак, жыхар Гродзеншчыны, зрабіў ілжывае паведамленне пра выбух, бо быў незадаволены доўгім часам абслугоўвання кліентаў. Вінаватасць зламысніка пацвярджаецца паказаннямі відавочцаў, відэаматэрыяламі, экспертным заключэннем, іншымі доказамі, перадае БЕЛТА. Падчас следства абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся ў зробленым.



Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд. Ілжэмінёру пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Таксама яму давядзецца кампенсаваць фінансавыя выдаткі, панесеныя дзяржорганамі пры правядзенні спецыяльных мерапрыемстваў.



Нагадаем, 28 лютага работніца банка пабачыла на стойцы перад касай пісьмовае паведамленне, што рыхтуецца выбух установы. На час працы групы размініравання з будынка былі эвакуяваныя наведвальнікі і супрацоўнікі. Інфармацыя пра выбуховае прыстасаванне не пацвердзілася. Асобу падазраванага ўстанавілі неўзабаве, яго вельмі хутка затрымалі.



Фота — gazeta.a42.ru