"Ён уставіў ручку /.../ і пачаў весці яе, прарываючы мяккія тканкі ў бок кадыка"

"Ён уставіў ручку /.../ і пачаў весці яе, прарываючы мяккія тканкі ў бок кадыка"

Сталі вядомыя падрабязнасці спробы суіцыду, якую палітвязень Сцяпан Латыпаў учыніў у судзе. Праваабаронцы "Вясны" апублікавалі расповед чалавека, які стаў відавочцам гэтай падзеі.

Суд над Латыпавым пачаўся 1 чэрвеня. Падчас судовага працэсу Сцяпан даў прысутным у зале зразумець, што яго збівалі. Потым ён паведаміў, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пагражалі крымінальнымі справамі на яго сваякоў і суседзяў, калі ён не дасць прызнальныя паказанні. Таксама ён сказаў, што яго 51 дзень трымалі ў так званай "прэс-хаце". Пасля гэтага Латыпаў паспрабаваў парваць сабе горла асадкай.

Ніжэй падаем расповед відавочцы:

"У гэты момант Сцяпан спінай залазіць на лаву, прыціскаецца да сцяны так, каб канваір праз краты не змог да яго дацягнуцца і ўстаўляе ручку ў шыю. Пачынаецца аглушальны крык. Канваір літаральна ўпіваецца ўсім целам у краты, імкнучыся дастаць рукой Сцяпана і спыніць яго. 

Пачынаецца мітусня, канваіры не могуць знайсці ключ... Я гляджу па баках: крык, рух, сыходзіць суддзя, бегаюць спалоханыя супрацоўнікі міліцыі, дзяржабвінаваўца застыў ад спалоху. Я гляджу на Сцяпана: у яго шырока адкрытыя вочы, з рота тырчыць нешта белае, магчыма тое, што было завязана вакол рукі. Ён не заплюшчвае вочы, кожны яго рух — свядомы. Ён уставіў ручку з левага боку і пачаў весці яе, прарываючы мяккія тканкі ў бок кадыка. Яму гэта ўдаецца з цяжкасцю, таму ён робіць гэта дзвюма рукамі. Ён сінее, але ўсё яшчэ глядзіць. Адзіны абезрухоўлены чалавек у зале, вакол якога спыніўся свет, — Сяргей Латыпаў.

Калі вакол Сцяпана быў абсалютны хаос і блытаніна, сам ён, здавалася, застыў у моманце. Яго погляд, накіраваны на бацьку, не быў поўны адчаю і слабасці. Наадварот, гэта была такая праява сваёй сілы духу. З-за таго, што ён быў упэўнены ў сваёй невінаватасці — ён не мог прызнаць віну, нават пасля збіцця і пагроз ад супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Таму гэты крок, на яго думку, адзіны магчымы і верны для яго, каб зберагчы свайго бацьку і блізкіх. Калі б можна было праілюстраваць адным малюнкам гэты момант, то гэта была б фатаграфія Сцяпана з яго поглядам, поўным сілы і мужнасці, калі ён абедзвюма рукамі трымае гэтую чортаву белую ручку ў горле і глядзіць на бацьку.

Канваіры матам пачынаюць крычаць, каб усе неадкладна выйшлі з залы. Мітусня ўзмацняецца. Канваіры ўжо ў клетцы, я праходжу міма Сцяпана: ён ляжыць на спіне, на шыі чырвоная паласа, галава сіняя, з рота па-ранейшаму тырчыць белая тканіна. Гляджу на жывот — ён дыхае. Мы ў калідоры, а Сцяпан і некалькі супрацоўнікаў у клетцы". 

"Хуткая" завезла Латыпава ў лякарню, дзе ў той жа дзень яму зрабілі аперацыю. На наступны дзень стала вядома, што яго вярнулі ў СІЗА №1.

Сцяпана Латыпава затрымалі 15 верасня 2020 года за тое, што ён патрабаваў прадставіцца ў сілавікоў у двары каля славутага мурала з "Дыджэямі Перамен". Спярша заяўлялі, быццам ён збіраўся атруціць сілавікоў. Потым выставілі абвінавачанні ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, супраціве міліцыянтам і махлярстве ў асабліва буйным памеры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.