Як за год змяніліся цэны на школьныя тавары

Як за год змяніліся цэны на школьныя тавары / Tochka.by
Зусім хутка ў Беларусі пачнуць працаваць школьныя кірмашы. Сабраць дзіця ў школу сёлета будзе каштаваць да 1386 рублёў, распавялі ўлады.
Еўрарадыё паглядзела дадзеныя Белстата і даведалася, як змяніліся цэны на школьныя прыналежнасці за год.
Што кажуць улады?
Сабраць дзіця ў школу ў 2025 годзе для вучняў малодшых класаў, па дадзеных прадпрыемства "Сталічны гандаль і паслугі", каштуе ад 336 да 1129 рублёў, а старшакласнікаў — ад 441 да 1386 рублёў.
Летась кошты былі наступнымі: школьніка малодшых класаў можна было сабраць, аддаўшы ад 320 да 1208 рублёў, а старэйшых — ад 390 да 1331 рублёў.
Даходзіць і да 18%
А як змяніліся кошты за год паводле афіцыйных звестак Белстата?
Напрыклад, школьныя штаны летась у сярэднім каштавалі 55,53 рубля, а сёлета 60,86 рубля. Розніца — амаль 10%.
Дзіцячы спартыўны касцюм мінулым летам у сярэднім можна было купіць за 74 рублі, а ў гэтым — на 4 рублі даражэй (5,41%).
На 3 рублі падаражэлі кашулі для хлопчыкаў: 43 рублі летась супраць 46 рублёў у гэтым. Розніца — 7%.
Сарафан для дзяўчынкі ў 2024 годзе можна было купіць за 56 рублёў, у 2025 ён каштуе ўжо 66 рублёў, а гэта амаль 18% розніцы.

40 рублёў у 2024 годзе каштавала спадніца для дзяўчынак, у гэтым — яна падаражэла на 4 рублі (10%).
На 5 рублёў у сярэднім падаражэлі туфлі для хлопчыка: 91 рубель у 2024 годзе супраць 96 рублёў у 2025.
Школьны пінжак для хлопчыка ў 2024 можна было купіць за 108,19 рубля, цяпер ён каштуе ўжо 124 рублі. Летась было танней на 12%.
Туфлі для дзяўчынкі таксама падраслі ў кошце: было 116 рублёў — стала 120.
А што са школьнымі заплечнікамі? Яны патаннелі на цэлых 2 рублі: 77 рублёў у 2024-ым і 75 рублёў у 2025 годзе.
Кошт на 12-старонкавы сшытак за год не змяніўся: 35 капеек.
Шарыкавая ручка за год патаннела на 2 капейкі: з 93 да 91.
Стаў танней і альбом для малявання: 3,24 рубля ён каштаваў летась і 2,94 у гэтым.
А набор з 12 алоўкаў у сярэднім падаражэў: калі ў 2024 яго можна было купіць за 6,68 рубля, то ў 2025 годзе за 7,56 рубля.
Што ў выніку?
Практычна ўсе тавары, якія могуць спатрэбіцца школьніку, сталі даражэй. На многія тавары кошты выраслі на 10 і нават на 18%, хоць паводле звестак уладаў інфляцыя складае 7%.
Акрамя гэтага, мы параўноўвалі кошты з пераліку Белстата. Напэўна, кошты ў крамах будуць яшчэ вышэйшыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.