Школьнік не мог сказаць маці пра пераломы рукі, бо яму не аддавалі тэлефон

Віцяблянка расказала, як яе сыну ў школе паламалі руку

Віцяблянка расказала, як яе сыну ў школе паламалі руку / фота з відэа ў TikTok

Віцебскі школьнік атрымаў пераломы рукі, але не мог паведаміць пра іх маці, бо яму не аддавалі мабільнік. Пра гэты выпадак сама маці школьніка расказала ў сацсетцы TikTok.

Інцыдэнт адбыўся 22 кастрычніка ў школе №29. Жанчына кажа, што сын атрымаў пералом дзвюх костак рукі падчас урокаў. У медпункце хлопчык не атрымаў дапамогі, бо там няма пастаяннага супрацоўніка. Таксама вучань не мог затэлефанаваць маці: тэлефон яму не аддавалі без класнай кіраўніцы, а яна таксама адсутнічала. У выніку затэлефанаваць дапамагла адна з настаўніц.

Маці прыехала па сына і сама адвезла яго ў шпіталь, дзе хлопчыку зрабілі аперацыю. Яму паставілі спіцы, і невядома, колькі зойме рэабілітацыя.

Жанчына кажа, што траўма была атрыманая не падчас гульні, а ў выніку "гвалту". Яна заклікала Міністэрства адукацыі звярнуць увагу на праблему булінгу ў школах.

Па словах жанчыны, у школе за некалькі дзён не пацікавіліся станам дзіцяці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.