Вучань, які выпаў з акна школы ў Жодзіне — у стабільна цяжкім стане

Бальніца, ілюстрацыйнае фота

Бальніца, ілюстрацыйнае фота / Мінздароўя

Жодзінскі вучань, які выпаў з акна школы, знаходзіцца ў бальніцы ў стабільна цяжкім стане. Аднак яго блізкія расказалі, што "ёсць дынаміка да аднаўлення". Падрабязнасці здарэння даведалася выданне Onliner.by.

Інцыдэнт здарыўся ў сераду, 15 кастрычніка, каля 12-й гадзіны. Пацярпелы хлопчык — пяцікласнік, незадоўга да здарэння ў яго быў урок англійскай мовы. Ён выпаў з акна трэцяга паверху. Гэта кабінет, у якім звычайна праходзяць урокі беларускай мовы і літаратуры.

Адзін з навучэнцаў школы напісаў, што ўрок вяла новая настаўніца па англійскай мове, якая прыйшла працаваць у школу толькі сёлета. Яна дала вучням тэст, а гэты пяцікласнік здаў пусты аркуш. "Настаўніца пачала гаварыць, што ён не гатовы да ўрока, і ці то паставіла дрэнную адзнаку, ці то напісала заўвагу (шчыра, не ведаю). Потым прагучаў званок, дзеці пайшлі хто ў сталоўку, хто куды — і тут дзве версіі таго, што адбылося далей", — напісаў вучань.

Пакуль невядома дакладна, наўмысна ці выпадкова школьнік выпаў з акна.

Паведамляецца, што пасля інцыдэнту настаўнікаў абавязалі закрываць на перапынках кабінеты і не пакідаць дзяцей адных. Вучні кажуць, што настаўніца англійскай не выстаўляла вучням нейкіх залішніх патрабаванняў.

Расследаваннем справы займаецца Следчы камітэт. Там абяцалі даць каментар, "як толькі дазволіць следчая сітуацыя".

У школе пра падрабязнасці інцыдэнту расказваць адмовіліся. Начальніца аддзела па адукацыі, спорце і турызме Жодзінскага гарвыканкама Вольга Галабародава таксама адмовілася каментаваць журналістам гэтае здарэнне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.