Як сілавікі распаўсюджваюць "патрыятызм": "Адзін чалавек "заражае" двух-трох"
Начальнік аддзялення інфармацыі ўнутраных войск МУС Беларусі падпалкоўнік Уладзімір Пархомцаў у эфіры тэлеканала СТБ расказваў, якія робяцца намаганні ў "патрыятычным выхаванні" дзяцей і моладзі. Паводле яго слоў, стаіць задача не дапусціць паўтарэння жніўня 2020-га. Пархомцаў прызнае, што "тады на вуліцы выйшлі пераважна маладыя людзі, нават школьнікі былі, студэнты". Таму ўнутраныя войскі актыўна займаюцца "перавыхаваннем" падрастаючага пакалення (а летам-восенню 2020-га яны разганялі пратэсты). Робіцца гэта праз ваенна-патрыятычныя клубы, якія ствараюцца на базе іх вайсковых часцей. Цяпер іх 5, але ў снежні мусяць з'явіцца яшчэ 2 — у Бабруйску і Віцебску.
Падпалкоўнік назваў формулу перадачы "патрыятызму": "Адзін чалавек "заражае "двух-трох", тыя трое — яшчэ двух-трох, і па ланцужку гэтым накірункам мы павінны ахапіць большасць людзей".
Калі б уладу падтрымлівала большасць беларусаў, наўрад ці рабіліся б такія намаганні з боку сілавікоў. Атрымліваецца, што рэальная падтрымка ім вядомая.
У Беларусі рыхтуюцца "некалькі заканадаўчых ініцыятыў, нарматыўна-прававых актаў", якія павінны дапамагчы сістэматызаваць працу, пра якую расказаў прадстаўнік унутраных войскаў МУС. Паводле яго слоў, прадугледжана "пэўнае фінансаванне гэтай дзейнасці".