Як міністр налічыў "усяго" 405 міліцыянтаў на 100 тысяч грамадзян Беларусі

Як міністр налічыў "усяго" 405 міліцыянтаў на 100 тысяч грамадзян Беларусі

Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч заявіў, што Беларусь нельга назваць "паліцэйскай дзяржавай", бо на 100 тысяч грамадзян тут толькі 405 супрацоўнікаў міліцыі. Гэта супастаўна з колькасцю паліцыянтаў у краінах Еўропы, мяркуе чыноўнік. Да таго ж, МУС плануе аптымізаваць сваю структуру, то бок — скараціць частку супрацоўнікаў.

Звесткі, якія агучыў міністр, больш як у тры разы разыходзіцца з лічбай, якую ў 2013 годзе са спасылкай на даследаванне ААН апублікавалі праваабаронцы — 1442 міліцыянта на 100 тысяч грамадзян Беларусі. Іншыя лічбы былі і ў папярэднікаў Шуневіча на высокай пасадзе. Юрый Сівакоў (быў міністрам у 1999-2000 гадах) казаў пра 112 тысяч супрацоўнікаў МУС, Уладзімір Навумаў (узначальваў МУС з 2001 па 2009 год) — пра 89 тысяч. Гэта адпаведна 1178 і 936 міліцыянтаў на 100 тысяч чалавек.

Старшыня Беларускага хельсінскага камітэта Алег Гулак кажа, што нават сціплая лічба, агучаная Шуневічам, перавышае міжнародныя нормы па колькасці праваахоўнікаў. Тая ж ААН рэкамендуе, каб у краіне было не больш за 222 паліцэйскія на 100 тысяч грамадзян. А другое пытанне, якое адразу ўзнікла ў праваабаронцы: каго міністр залічыў у міліцыянты, а каго — не:

"Тут вялікае пытанне: што такое "супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў", каго яны палічылі, а каго не. Хутчэй за ўсё, лічба, якую агучыў Шуневіч, гэта тыя людзі, якія носяць пагоны. А там яшчэ шмат людзей без пагонаў".

Алег Гулак мяркуе, што міністр назваў колькасць атэставаных міліцыянтаў. Але ў аддзелах па грамадзянстве і міграцыі і ў іншых міліцэйскіх структурах ёсць шмат супрацоўнікаў, якія не носяць форму. Тым не менш, яны з'яўляюцца супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, і іх варта было б улічваць, калі ацэньваецца агульная колькасць міліцыянтаў у краіне. 

Як міністр налічыў "усяго" 405 міліцыянтаў на 100 тысяч грамадзян Беларусі
Фота: s13.ru.