Як мінімум адну мігрантку забрала хуткая — як прайшла ноч у ПП "Брузгі"
Абстаноўка ў ПП "Брузгі" / gpk.gov.by
Як мінімум адну мігрантку пасля ночы ў пункце пропуску "Брузгі" забралі ў бальніцу. Жанчыне стала дрэнна, паведамляе БЕЛТА, але не прыводзіць ніякіх падрабязнасцяў.
Напярэдадні мігранты пакінулі лагер у лесе і прыйшлі ў пункт пропуску "Брузгі". З боку беларускіх памежнікаў яны не сустрэлі ніякага супраціву. Занялі тэрыторыю ПП, разбілі тут палаткі. Ноч яны правялі ў Брузгах. Начавалі ў палатках альбо проста на асфальце.
З раніцы мігрантам прывезлі прадукты і ваду. Іх прасілі падыходзіць па чарзе, прапусціўшы наперад сем'і з дзецьмі. Беларускія сілавікі разварочвалі мігрантаў, якія спрабавалі атрымаць дапамогу без аглядкі на гэтыя правілы.
Аляксандр Лукашэнка ў аўторак сабраў нараду па сітуацыі на мяжы.
Напярэдадні кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль заявіў, што мігранты не змогуць трапіць такім спосабам у ЕС.
"Уезд у Еўрасаюз магчымы толькі праз законныя памежныя пераходы, у адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрапейскага саюза — з наяўнасцю візы або шляхам працэдуры прадастаўлення прытулку", — сказаў ён. Акрамя таго, учора савет ЕС на ўзроўні кіраўнікоў МЗС узгадніў пяты пакет санкцый супраць Беларусі. Абмежаванні будуць уведзеныя найбліжэйшымі днямі.