"Я мусіў выйсці ў чэрвені разам з Бяляцкім" — Ігар Лосік

Ігар Лосік / фота з яго акаўнту на Фэйсбуку
Экс-палітвязень Ігар Лосік павінен быў выйсці на волю падчас чэрвеньскага вызвалення палітвязняў разам з праваабаронцам, нобелеўскім лаўрэатам Алесем Бяляцкім. Пра гэта ён паведаміў у сацсетцы Threads.
"Я мусіў выйсці ў чэрвені разам з Бяляцкім, але нас у апошнюю хвіліну беларускія ўлады выкраслілі са спісаў і замянілі на іншых", — напісаў ён. Лосік кажа, што перад вызваленнем яго "рыхтавалі" — перасталі караць за дробязі.
Таксама ён выказаў упэўненасць, што неўзабаве на волю выйдуць іншыя знакавыя палітвязні: "Бабарыку і Калеснікаву, я ўпэўнены, таксама рыхтуюць у бліжэйшую партыю".
Лосік адзначыў, што першы год атрымліваў па 50–70 лістоў штодня, але з лютага 2023 апынуўся ў поўнай ізаляцыі — у рэжыме "інкамунікада".
Паводле яго, большасць звычайных зняволеных ставілася да "палітычных" спакойна: "Толькі каля 10% — махляры і хабарнікі — падтрымлівалі ўладу і вайну".
Напісаў Лосік і пра сваё першае жаданне на волі: "Выспацца, не прачынацца ў 5 раніцы, з’есці бургер і ўбачыць жывое зялёнае дрэва".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.