Вызваленыя палітвязні Рыта Зотава і Мікіта Хількевіч

Рыта Зотава / spring96.org
Вызваленыя палітвязні Рыта Зотава і Мікіта Хількевіч. Яны былі за кратамі са снежня 2021 года, паведамляе gomelspring.org.
У сакавіку 2022-га траіх жыхароў Чачэрска прысудзілі да калоніі за налепленыя стыкеры. Суддзя Павел Цыганок прысудзіў Вадзіму Дзенісенку 2,5 года калоніі агульнага рэжыму, 20-гадовай студэнтцы 3 курса факультэта псіхалогіі і педагогікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Зотавай і 27-гадоваму Хількевічу — па 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Маладыя людзі ў чэрвені 2021-га наляпілі некалькі стыкераў на тэрыторыі мясцовай школы па дарозе з вечарынкі. Дырэктарка школы Вольга Цалко выклікала на моладзь міліцыянераў. Іх знайшлі па камерах відэаназірання і затрымалі ў жніўні 2021 года, але пасля часова адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Беларускія праваабаронцы прызналі асуджаных палітвязнямі.
Рыта Зотава знаходзілася ў жаночай папраўчай калоніі № 4 ў Гомелі, а Мікіта Хількевіч — у калоніі № 22 ў Івацэвіцкім раёне. За кратамі застаецца Вадзім Дзенісенка, які да затрымання працаваў гукааператарам Чачэрскага раённага Дома культуры. Яму можна напісаць на адрас: папраўчая калонія № 3, г. п. Віцьба, Віцебскі р-н, Віцебская вобл., 211300.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.