Выпускнікі школ змогуць бясплатна ездзіць на метро толькі да 12 чэрвеня

Выпускнікі школ, якія заканчваюць 11-ты клас, змогуць бясплатна ездзіць на метро толькі да 12 чэрвеня. Такія тлумачэнні даюцца на сайце Мінскага метрапалітэну. Юнакі і дзяўчаты змогуць не плаціць за праезд да здачы апошніх выпускных экзаменаў і адлічэння з навучальнай установы.
Таксама ў паведамленні сказана, што выхаванцы ўстановаў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі горада могуць бясплатна карыстацца падземкай па электроннай картцы навучэнца або па даведцы з актуальным тэрмінам дзеяння. Паколькі навучальны год скончыўся, гэтыя дакументы трэба абнавіць.
Апроч таго, з 1 ліпеня па 31 жніўня павінны абнавіць свае даведкі тыя навучэнцы, якія ў летні перыяд задзейнічаныя ў праграмах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, у праграмах выхавання і аздараўлення, а таксама прымаюць удзел у буйных масавых мерапрыемствах.