Кожны трэці даішнік не праходзіць праверку на паліграфе

Кожны трэці даішнік не праходзіць праверку на паліграфе

Здарэнне з п'яным начальнікам Баранавіцкай ДАІ, які насмерць збіў пешахода, з'яўляецца "ўдарам пад дых" усёй сістэме МУС. Пра гэта міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў у праграме "Буйным планам" на тэлеканале "Беларусь 1", якая выйшла ўвечары 1 снежня.

"Гэта ўдар пад дых усёй сістэме, гэта ганьба ўсяму афіцэрскаму корпусу, усяму афіцэрскаму сходу МУС", — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Па словах Шуневіча, ніводзін супрацоўнік міліцыі, заўважаны нецвярозым за рулём, на службовым месцы, у службовы час або ў форме, не застаўся служыць у органах унутраных спраў.

Міністр паведаміў, што супрацоўнікі ДАІ цяпер масава праходзяць абследаванне на паліграфе — так званым "дэтэктары хлусні". Праверылі ўжо каля 700 чалавек, прычым траціна з іх не прайшла гэтую працэдуру. "З імі кантракт не будзе працягнуты", — паведаміў кіраўнік МУС.

Хаця тэсты на паліграфе з'яўляюцца добраахвотнай працэдурай, Шуневіч адзначыў: "Альбо ты адмовіўся ад паліграфа, альбо ты яго не прайшоў — вынік будзе адзін: кантракт з такім чалавекам мы не працягнем".

Міністр дадаў, што сёлета супраць супрацоўнікаў МУС пачалі 123 крымінальныя справы, 70% злачынстваў выяўленыя супрацоўнікамі службы ўласнай бяспекі.

Нагадаем, што 26 лістапада ў Ляхавіцкім раёне часовы выканаўца абавязкаў начальніка ДАІ Баранавіцкага ГАУС у п'яным выглядзе збіў жанчыну-пешахода. 36-гадовая жыхарка Слуцка загінула. Мілілцыянт быў не пры выкананні службовых абавязкаў, на асабістым аўтамабілі і ў цывільным адзенні. Яго ўзялі пад варту і пачалі крымінальную справу.