Вуліцу Клары Цэткін ля Музычнага тэатра ў Мінску перакрыюць пасля 3 ліпеня

Вуліцу Клары Цэткін у Мінску ў раёне Беларускага музычнага тэатра перакрыюць пасля 3 ліпеня. Пра гэта паведамляе ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама. Гэта звязана з працамі па будаўніцтве новай лініі метро. Раней меркавалася, што вуліцу Клары Цэткін закрыюць у ноч з 14 на 15 чэрвеня прыкладна на два месяцы, але цяпер тэрміны вырашана ссунуць.
Раней паведамлялася, што ў перыяд закрыцця ўчасткаў гэтай вуліцы рух транспарту з сектара вуліцы Карла Лібкнехта, Паўночнага завулка, вуліцы Заходняй з выездам на вуліцу К. Цэткін будзе ажыццяўляцца праз вуліцы Караля і Дразда.
На перыяд закрыцця вуліца Караля на ўчастку ад вуліцы К. Цэткін да вуліцы Дразда стане двухбаковай для руху транспарту. На працягу ўсёй вуліцы Караля і вуліцы Дразда паставяць знакі “Прыпынак забаронены”.
Для пераразмеркавання транспартнай нагрузкі будзе забаронены левы паварот з праспекта Незалежнасці на вуліцу Гарадскі Вал для ўсіх відаў транспарту. Рух грамадскага транспарту з праспекта Незалежнасці будзе ажыццяўляцца праз вуліцу Валадарскага (з арганізацыяй левага павароту).
Рух астатніх транспартных сродкаў з праспекта Незалежнасці ў бок вуліц Раманаўская Слабада і Кальварыйская пойдзе праз скрыжаванні з вуліцамі Леніна і Янкі Купалы.
На Нямізе ўздоўж перакрыжавання з Раманаўскай Слабадой пешаходам часова забароняць пераходзіць дарогу па “зебры” ад дома №28 у кірунку Гарадскога Вала і паставяць у гэтым месцы загараджэнне. Таксама адбудзецца перанос прыпынку “Музычны тэатр” на плошчы Багушэвіча.