Восем матацыклаў не даехалі да Беларусі праз Латвію

Матацыклы, якія везлі ў Беларусь праз Латвію

Матацыклы, якія везлі ў Беларусь праз Латвію / vid.gov.lv

Латвійскія мытнікі не прапусцілі ў Беларусь восем матацыклаў. Яны трапілі пад санкцыі ЕС, бо лічацца прадметамі раскошы.

Інцыдэнт адбыўся яшчэ 10 чэрвеня, але латвійская мытня паведаміла пра яго толькі сёння. На мытны пункт пропуску Патэрніекі (з беларускага боку — Грыгараўшчына) прыехаў грузавік з літоўскімі (цягач) і казахскімі (прычэп) рэгістрацыйнымі нумарамі. Сярод грузу былі і восем матацыклаў.

"Падчас праверкі наяўнай у распараджэнні мытнага органа інфармацыі было ўстаноўлена, што месяцам раней на мытным пункце пропуску "Патэрніекі" была адхіленая партыя матацыклаў ад таго ж адпраўніка, якая, згодна з суправаджальнымі дакументамі, прызначалася іншаму атрымальніку ва Узбекістане",адзначаюць латвійскія мытнікі.

Пасля звароту ў мытную службу краіны-атрымальніка ў латвійскіх мытнікаў узніклі сумневы наконт таго, куды ж насамрэч адпраўляюцца матацыклы. Яны западозрылі, што тавар трапіць у Беларусь ці Расію у абыход санкцый. Таму вываз тэхнікі праз латвійска-беларускую мяжу быў забаронены.

У латвійскай мытні нагадалі, што санкцыі ЕС забараняюць экспарт у Беларусь і Расію прадметаў раскошы. У гэты спіс уключаныя ў тым ліку матацыклы коштам звыш 5 тысяч еўра, а таксама прыналежнасці і запасныя часткі да іх. У суправаджальных дакументах, прыкладзеных да экспартнай дэкларацыі, было адзначана, што кошт кожнага матацыкла перавышае ліміт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.