Чыноўнікі прызналі праблемы двух буйных заводаў, якія трапілі пад санкцыі

Шклозавод

Шклозавод / dzyannica.by

Беларускія вытворцы шкла ва ўмовах санкцый аказаліся неканкурэнтаздольнымі ў параўнанні з расіянамі. Пра гэта гаворыцца ў непублічных дакументах, якія выданне "Зеркало" атрымала пры дапамозе BELPOL.

Сітуацыяй у шкляной прамысловасці Беларусі чыноўнікі ўстурбаваліся летась, пасля ўвядзення санкцый ЕС у гэтай галіне. Просячы ў Лукашэнкі вылучыць дзяржпадтрымку для Гродзенскага шклозавода і "Гомельшкла", чыноўнікі заявілі, што прадпрыемствам складана канкураваць з расійскімі вытворцамі. Падрабязнасці раскрываюцца ў заключэннях Мінэканомікі для Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, якія падпісала намесніца міністра Марыя Мажынская ў снежні 2024 года.

Гродзенскі шклозавод да санкцый 20-30% сваёй прадукцыі экспартаваў у ЕС (асабліва ў Польшчу) і Украіну. У кастрычніку пастаўкі ў ЕС былі спыненыя. А пераарыентаваць завод на расійскі рынак, як высветлілі чыноўнікі, верагоднасць малая. У РФ дастаткова сваіх вытворцаў, якія раней арыентаваліся на еўрапейскі рынак, а пасля ўвядзення санкцый вярнуліся на радзіму.

Мінэканомікі прызнала Гродзенскі шклозавод канкурэнтаздольным і заявіла, што ён займае каля 55% беларускага рынку шклатары. Але адначасова паскардзілася на расійскіх канкурэнтаў, якія ідуць на беларускі рынак: "Асноўную канкурэнцыю таварыству на ўнутраным рынку складаюць расійскія вытворцы шкляной тары, якія пастаўляюць на беларускі рынак больш шырокі асартымент шклатары коштамі ніжэйшымі за айчынных вытворцаў (розніца складала 5-20%)".

У нізкай канкурэнтаздольнасці чыноўнікі абвінавацілі высокі сабекошт прадукцыі — 1070 рублёў за тону. Прадукцыя расіян таннейшая, бо яны маюць доступ да больш таннай сыравіны і энергіі: "Кошт газу для айчынных вытворцаў у 2,4 разы вышэйшы, чым для расійскіх, электраэнэргіі — на 51%, сыравіны — на 33%".

Завод "Гомельшкло" закрывае 60-80% патрэбаў беларускага рынку ліставога шкла. Цэны на яго прадукцыю сувымерныя з цэнамі канкурэнтаў. Завод мае склады па ўсёй Беларусі і адпрацаваную лагістыку, адзначылі чыноўнікі.

А вось з экспартам — праблемы. У 2023 годзе ў Беларусі было прададзена каля 20-25% прадукцыі, у Расію — 42%, у ЕС (пераважна Польшчу) — 36%. Пасля ўвядзення санкцый адзіным знешнім рынкам засталася Расія. Але там ёсць свае 11 заводаў па вытворчасці ліставога шкла, якія маюць доступ да танных сыравінных і энергетычных рэсурсаў. Да таго ж у Расію паступае прадукцыя з Кітая і Кыргызстана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.