Вольгу Брыцікаву асудзілі на 15 сутак за антываенны надпіс на куртцы
Старшыню незалежнага прафсаюза "Нафтана" Вольгу Брыцікаву асудзілі на 15 сутак арышту, абвінаваціўшы ў незаконным пікетаванні. Суд над ёй адбыўся 3 сакавіка, пішуць "Народныя навіны Віцебска".
Жанчыну затрымалі 27 лютага на выбарчым участку. Брыцікава прыйшла на галасаванне ў куртцы з надпісам "Не — вайне". Гэта і стала падставай для затрымання і складання пратакола паводле артыкула 24.23 КаАП.
Паводле звестак МУС, па ўсёй Беларусі на антываенных акцыях 27 лютага было затрымана каля 800 чалавек.