Вечаровыя акцыі пратэсту скончыліся кропкавымі затрыманнямі

Людзей з бел-чырвона-белым сцягам не пускаюць на плошчу Незалежнасці ў Мінску / Еўрарадыё
Людзей з бел-чырвона-белым сцягам не пускаюць на плошчу Незалежнасці ў Мінску / Еўрарадыё

Вечаровыя акцыі пратэсту 25 жніўня скончыліся кропкавымі затрыманнямі пратэстуючых. Яны адбыліся як мінімум у трох гарадах: у Мінску, Гродне і Гомелі.

У Мінску некалькі сотняў чалавек сабраліся на плошчы Незалежнасці. Яшчэ на падыходах да плошчы дзяжурыла міліцыя. Людзей не прапускалі, калі знаходзілі ў іх бел-чырвона-белыя сцягі.

З калонак на плошчы людзей папярэджвалі, што іх мерапрыемства не санкцыянаванае. Затрымання пачаліся, калі стала цёмна. Адзін чалавек апынуўся ў міліцэйскім аўтобусе на скрыжаванні вуліц Мяснікова і Берсана. Іншых таксама затрымлівалі ў ваколіцах плошчы Незалежнасці. Праваабаронцы налічылі больш за 10 затрыманняў.

У Гомелі падчас пратэстнага шэсця, у якім удзельнічалі каля 200 чалавек, затрыманы палітык Уладзімір Няпомняшчых.

У Гродне былі затрыманыя каля 20 рабочых прадпрыемства "Гродна Азот". Людзі сабраліся каля аддзялення міліцыі Кастрычніцкага раёна, каб падтрымаць іх. Калі сцямнела, затрыманні адбыліся і там, але пратэстоўцы ўступілі ў канфлікт з невядомымі ў цывільным. А аднаго з актывістаў, які з'ехаў ад будынку РАУС, на інфармацыі Hrodna.Life затрымалі проста ў тралейбусе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.