Вакансіі ў Беларусі цяпер трэба публікаваць па новых правілах
Парушальнікам пагражае штраф ад 5 да 15 базавых велічынь / pixabay.com
З 1 студзеня ў Беларусі пачаў дзейнічаць закон аб занятасці насельніцтва, які абавязвае наймальнікаў спачатку размяшчаць вакансіі ў Агульнарэспубліканскім банку вакансій на сайце gsz.gov.by, а ўжо пасля — на іншых платформах. Публікацыя павінна суправаджацца гіперспасылкай на першасны запіс. Парушальнікам пагражае штраф ад 5 да 15 базавых велічынь (210–630 рублёў).
Аднак новы парадак выклікае шмат пытанняў, на што звяртае ўвагу выданне dev.by. Напрыклад, паводле тлумачэння Міністэрства працы, апублікаванага 6 студзеня, пад "інфармацыйнымі рэсурсамі" разумеюцца як сайты наймальнікаў, так і іх акаўнты ў сацыяльных сетках.
Але асабістыя старонкі супрацоўнікаў у сацсетках (напрыклад, LinkedIn) пад дзеянне закона не падпадаюць. Таксама закон не патрабуе спасылак для вакансій, размешчаных на замежных парталах, такіх як расійскі hh.ru.