Ва Украіне затрымалі чалавека, якога падазраюць у забойстве Андрэя Парубія

Андрэй Парубій

Андрэй Парубій / Shutterstock

Супрацоўнікі Службы бяспекі Украіны, Нацыянальнай паліцыі і офіса генеральнага пракурора затрымалі мужчыну, якога падазраюць у забойстве народнага дэпутата Андрэя Парубія.

Як паведамляе прэс-служба СБУ, затрыманне адбылося ў Хмяльніцкай вобласці. Следчыя сцвярджаюць, што перад замахам выканаўца рыхтаваўся: загадзя вывучаў графік перамяшчэнняў Парубія, пракладаў маршрут і падрыхтаваў план уцёкаў.

Сцвярджаецца, што на прамы след падазраванага праваахоўнікі змаглі выйсці цягам 24 гадзін пасля забойства, а на працягу 36 гадзін — затрымаць.

Незадоўга да забойства, як піша hromadske.ua, Парубій як экс-кіраўнік Вярхоўнай рады звяртаўся ва Упраўленне дзяржаўнай аховы з просьбай даць яму ахову. Яму адмовілі, спаслаўшыся на тое, што палітык не ўваходзіў у пералік службовых асоб, якім даюць дзяржахову.

Парубій быў застрэлены ў Львове 30 жніўня. Паведамлялася, што яго забіў дастаўшчык ежы. На Еўрамайдане палітык адказваў за самаабарону. Потым да 2016 года Парубій быў сакратаром Рады нацыянальнай бяспекі Украіны, а ў 2016-2019 гадах узначальваў Вярхоўную раду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.