Ва Украіне гараць склады боепрыпасаў, эвакуявалі 28 тысяч чалавек (відэа)

Ва Украіне гараць склады боепрыпасаў, эвакуявалі 28 тысяч чалавек (відэа)

Ва Украіне гараць склады боепрыпасаў, эвакуявалі больш за 28 тысяч чалавек (большасць з іх выехалі самастойна). Здарэнне адбылося позна ўвечары 26 верасня ў Каліноўскім раёне Вінніцкай вобласці на тэрыторыі вайсковай часткі (адтуль да Вінніцы 20-25 км). На складах захоўваюцца ракеты да сістэм залпавага агню “Смерч”, “Ураган” і “Град”. Там чутны выбухі. Генштаб Украіны заявіў, што палова складоў была без боепрыпасаў.

Як інфармуе УНІАН, у Вінніцкую бальніцу шпіталізавалі жанчыну з траўмамі. З-за боепрыпасаў, якія разляталіся па наваколлі, загараліся чатыры жылыя дамы, якія ратавальнікі патушылі. У раёне надзвычайнага здарэння спынены рух на аўтатрасе, на чыгунцы, забаронены палёты самалётаў, адключаныя дзве лініі электраперадач. Каля складоў працуюць амаль 700 чалавек, каля паўтары сотні тэхнікі.

Ва ўрадзе Украіны, як і ў Генштабе, не выключаюць, што прычынай здарэння маглі стаць “знешнія фактары”. Інакш кажучы, маецца на ўвазе дыверсія.