УСУ вызвалілі тры населеныя пункты — 194-я раніца вайны ва Украіне
Як мінімум адзін з вызваленых населеных пунктаў знаходзіцца ў Херсонскай вобласці / @ermaka2022
Украінскія вайскоўцы адбілі наступы расіян у Данецкай вобласці. Атакі вяліся на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Акрамя спробы захапіць Данецкую вобласць праціўнік сканцэнтраваны на тым, каб утрымаць захопленыя раёны Херсонскай, часткі Харкаўскай, Запарожскай і Мікалаеўскай абласцей, а таксама каб стварыць спрыяльныя ўмовы для аднаўлення наступу, шукае слабыя месцы ва ўкраінскай абароне, спрабуе палепшыць тактычнае становішча на асобных напрамках.
"За мінулыя суткі вораг нанёс 25 ракетных і больш за 22 авіяцыйныя ўдары па ваенных і грамадзянскіх аб'ектах на тэрыторыі Украіны", — гаворыцца ў ранішняй зводцы ўкраінскіх вайскоўцаў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напярэдадні паведаміў аб вызваленні аднаго населенага пункта ў Данецкай вобласці і яшчэ двух — на поўдні Украіны. Таксама УСУ занялі пэўныя вышыні на кірунку Лісічанск-Северск. Зяленскі не ўдакладніў назвы вызваленых населеных пунктаў, але учора ўкраінскія СМІ пісалі аб вызваленні пасёлка Высакаполле ў Херсонскай вобласці.
Паводле ацэнак Амерыканскага інстытута вывучэння вайны, тэмпы контрнаступлення, верагодна, будуць рэзка змяняцца з дня на дзень. Эксперты звязваюць гэта з тым, што ўкраінскія сілы актыўна "працуюць над тым, каб пазбавіць расяін неабходных паставак, парушыць іх камандаванне і кантроль, а таксама аслабіць іх маральны дух".
У справаздачы Інстытута таксама гаворыцца пра тое, што расіяне страляюць з РСЗА, якія размешчаны на тэрыторыі Запарожскай атамнай электрастанцыі (ЗАЭС) недалёка ад ядзернага рэактара. Гэта, у прыватнасці, відаць на геалакацыйных кадрах за 2-3 верасня. Нагадаем, 3 верасня станцыя была ў другі раз адключаная ад сеткі — "верагодна, з-за нападаў, якія працягваюць расіяне пад чужым сцягам, і з-за іншых ваенных дзеянняў на ЗАЭС", адзначаюць эксперты Інстытута. Расійскія СМІ працягваюць настойваць, што станцыю абстрэльваюць УСУ.
Тым часам Украіна яшчэ не атрымала ад місіі МАГАТЭ справаздачы па пытаннях бяспекі, астуджэння рэактараў і працы персаналу на станцыі. Пра гэта распавёў дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк у эфіры адзінага тэлемарафона. Яго словы прыводзіць" Громадське". На думку Падаляка, на захопленай ЗАЭС была б мэтазгоднай дзейнасць не столькі міратворчай місіі МАГАТЭ, колькі нуклеарнага, інжынерна-ядзернага аўдыту.
"Гэта павінен быць цэлы шэраг людзей, якія разумеюць у ядзернай фізіцы, у інжынерных тэхналогіях. Яны могуць знаходзіцца, падкрэсліваю, побач з нашым персаналам", — сказаў Падаляк. Ён дадаў, што цяпер у ўкраінскага боку няма дакладных дадзеных ад МАГАТЭ, ці ўсё нармальна на ЗАЭС з пункту гледжання контураў бяспекі, астуджэння рэактараў; з пункту гледжання персаналу, ці разумее ён алгарытмы, па якіх працуе. Пры гэтым Падаляк пагадзіўся, што прысутнасць прадстаўнікоў міжнародных арганізацый на атамнай станцыі дазволіць абараніць ўкраінскі персанал ад расійскіх вайскоўцаў.
Аб сітуацыі на ЗАЭС казаў і прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль падчас свайго візіту ў Германію. Ён сустракаўся тут з канцлерам Олафам Шольцам. Па словах украінскага прэм'ера, важна працягваць сумесную працу над дэмілітарызацыяй ЗАЭС. Подчас сустрэчы абмяркоўваліся таксама тэмы дапамогі Украіне ў вайне і пераадоленні энергетычнага крызісу ў Еўропе. На думку Шмыгаля, Расія развязала супраць Еўропы энергетычную вайну, таму ў адказ ЕС павінен як мага хутчэй цалкам адмовіцца ад энергарэсурсаў з РФ.
"Пастанова аб эмбарга на расійскі вугаль і нафту ўжо ёсць, але трэба таксама эмбарга на газ. Украіна гатовая павялічваць пастаўкі сваёй электраэнергіі, што будзе спрыяць энергетычнай бяспецы Еўропы", — адзначыў украінскі прэм'ер.
За паўгоды з пачатку вайны Украіна вярнула з палону амаль 600 чалавек, большасць з якіх — вайскоўцы, распавёў у эфіры тэлеканала "Эспрэса" кіраўнік Нацыянальнага інфармацыйнага бюро Мінрэінтэграцыі Аляксандр Смірноў. Ён падкрэсліў, што вяртанне людзей адбываецца вельмі складана. Апошні абмен быў 2 верасня ў Данецкай вобласці. Ва Украіну вярнуліся 14 вайскоўцаў, якія трапілі ў рускі палон вясной. Пры гэтым, па словах прадстаўніка Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Андрэя Юсава, Украіна мае дастатковы абменны фонд для абмену палоннымі з РФ, але Крэмль, па яго словах, мае невысокую цікавасць да абмену сваіх палонных.
Пераважная большасць школ на акупаванай тэрыторыі Херсонскай вобласці адмовіліся працаваць па расійскіх праграмах, сцвярджае спікер старшыні Адэскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Братчук. "Цяпер акупанты спрабуюць падкупіць бацькоў бясплатным харчаваннем і выплатамі, а ўкраінскім настаўнікам пагражаюць карнымі мерамі", — кажа ён. На тых настаўнікаў, якія згаджаюцца працаваць на расійскіх умовах, ціснуць мясцовыя партызаны.
"Так, аднаму з тых, хто пагадзіўся ўзначаліць школу ў акупацыі, у двор прынеслі...жалобны вянок. Настаўнік ад супрацоўніцтва з ворагам пасля такога "падарунка" адразу адмовіўся", — распавёў Братчук.