УС РБ атрымалі ўдасканалены "Паланэз"
Комплекс РСЗА "Паланэз-М" / @modmilby
На ўзбраенне рэактыўнай артылерыйскай брыгады УС РБ паступіў новы комплекс рэактыўнай сістэмы залпавага агню (РСЗА) "Паланэз-М", расказалі ў Мінабароны Беларусі. Там адзначылі, што "Паланэз-М" з'яўляецца ўдасканаленай версіяй РСЗА "Паланэз", які ўжо стаіць на ўзбраенні беларускага войска.
У параўнанні з ранейшай версіяй новая сістэма дазваляе адной баявой машынай адначасова нанесці ўдар па васьмі мэтах на адлегласці да 300 км. Гэта могуць быць камандныя пункты, арсеналы з боепрыпасамі, збор тэхнікі і сканцэнтраванне жывой сілы, кажуць у Мінабароны. Першы "Паланэз" паступіў у беларускія войскі 7 гадоў таму. Гэты комплекс быў распрацаваны на беларускіх абаронных прадпрыемствах, там жа дапрацоўвалі і новую версію. Вікіпедыя кажа, што далёкасць стральбы "Паланэзаў" першапачаткова складала да 200 км, але 2017 годзе за кошт выкарыстання новых ракет была павялічаная да 300 км.