Урадавая камісія Літвы назвала пагрозай для бяспекі дамову з "Беларуськаліем"
Дамова Літоўскай чыгункі з "Беларуськаліем" нясе пагрозу для бяспекі краіны. Да такіх высноваў прыйшла ўрадавая камісія Літвы па праверцы здзелак стратэгічных прадпрыемстваў. Канчатковае рашэнне мусіць прыняць урад.
"Камісія /.../ прыняла рашэнне, што заключаная ў 2018 годзе паміж "Беларуськаліем" і "ЛЧ" дамова аб арганізацыі перавозкі грузаў па чыгунцы, а таксама змяненне, унесенае ў дамову ў кастрычніку 2021 года, не адпавядаюць інтарэсам нацыянальнай бяспекі", — цытуе delfi.lt паведамленне ўрада.
8 снежня ў камісію звярнуўся міністр транспарту Марус Скуодзіс. Ён прасіў ацаніць, ці адпавядае дамова Літоўскай чыгункі і "Беларуськалія" інтарэсам нацыянальнай бяспекі. Калі будзе вырашана, што дамова пагражае бяспецы Літвы, гэта можа стаць падставай для спынення транзіту з мінімальнымі стратамі.
Літоўская чыгунка падпісала дамову з "Беларуськаліем" на транзіт угнаенняў увесну 2018-га. Дзейнічае дамова да канца 2023 года. У адпаведнасці з ёй праз Літву і Клайпедскі порт перавозіцца каля 11 млн тон беларускіх угнаенняў.
Скандал вакол беларускага транзіту ўзнік на пачатку снежня, калі "Беларуськалій" трапіў пад эканамічныя санкцыі ЗША.