У Беларусі растуць складскія запасы на фоне падзення эканомікі. У чым небяспека?

Тлумачыць эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі

Тлумачыць эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі / Транспорт и логистика

— Праблема не толькі ў тым, што растуць складскія запасы, але і ў тым, што пры гэтым скарачаецца прамысловая вытворчасць. Мы вырабляем менш, але запасы ўсё роўна працягваюць расці, — распавядае ў эфіры Еўрарадыё эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі.

Пра што сведчыць такое становішча спраў і чаму цяпер сітуацыя нават горшая, чым у кавідным 2020 годзе?

— Шчыра кажучы, калі я раней казаў, што з продажамі і вытворчасцю ўсё дрэнна, я нават не ўяўляў, наколькі дрэнна. Аказваецца, сітуацыя значна горшая, чым я думаў. Тады я, па сутнасці, быў аптымістам.

Вось, напрыклад, Мінскі трактарны завод. Паводле плана ён павінен быў вырабіць каля 32 тысяч трактароў і прадаць 28 тысяч. Фактычна ж прадаў толькі 17 тысяч.

Або іншы прыклад: планавалася выпусціць 3 мільёны тэлевізараў, а зрабілі толькі 2 мільёны.

Беларускі металургічны завод — здавалася б, метал — гэта тавар, які заўсёды можна прадаць, і да якасці тут няма пытанняў. Але і там правал: замест запланаваных 240 тысяч тон пракату чорных металаў прадалі толькі каля 35 тысяч. Гэта ў шэсць разоў менш за план. Такія лічбы выглядаюць проста катастрафічна, — кажа Махоўскі.

На гэтым фоне яшчэ і растуць складскія запасы, што азначае: сітуацыя значна горшая, чым мы сабе ўяўлялі, сцвярджае эксперт. Пры гэтым Расія скатваецца ў працяглую рэцэсію.

В Беларуси растут складские запасы на фоне падения экономики. В чём опасность?

— Паводле навін, найбольшыя запасы цяпер у Мінску і Мінскай вобласці. У Мінску — на 2,47 мільярда рублёў, у Мінскай вобласці — на 2,73 мільярда. Але справа не толькі ў тым, што гэта мільярды. У цэлым па краіне запасы ўжо складаюць 83 % ад месячнага аб’ёму вытворчасці. Гэта значыць, што амаль увесь месячны выпуск ляжыць на складах, і яго яшчэ трэба неяк прадаць.

Гэта вельмі шмат. Больш, чым было ў 2020 годзе, калі праз каранавірус сусветная эканоміка фактычна спынілася. Але тады была надзея, што пандэмія скончыцца і ўсё ўдасца распрадаць. Цяпер такой надзеі няма. Пакуль захоўваюцца санкцыі, прадаваць проста няма куды.

Нават калі ўявіць, што санкцыі здымуць, праблемы не знікнуць аўтаматычна. Ты правільна заўважыў: асноўныя запасы сканцэнтраваныя ў Мінску і Мінскай вобласці — там, дзе знаходзяцца ключавыя прамысловыя гіганты. А куды мы прадаём трактары і машыны? У Расію. А ў Расіі прагназуюць стагнацыю як мінімум на тры гады. Дык куды мы будзем прадаваць гэтую прадукцыю?

І нават калі раптам адкрыецца Еўрапейскі саюз, гэта зусім не азначае, што там пачнуць купляць беларускія трактары і машыны, — папярэджвае Андрэй Махоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.