Кіраўнік Сейма Літвы дапусціў магчымасць зменаў у адносінах з Беларуссю

Юозас Олекас

Юозас Олекас / LRT

Літва можа змяніць адносіны з Беларуссю. Аднак афіцыйная Вільня чакае вызвалення ўсіх палітвязняў і вяртання літоўскіх фур. Пра гэта ў інтэрв'ю LRT заявіў старшыня Сейма Літвы Юозас Олекас.

Палітык каментаваў змякчэнне амерыканскіх санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Ён назваў складаным пытанне пра змену літоўскай палітыкі ў сувязі з гэтым.

"Мы павінны радавацца вызваленню людзей пасля чатырох гадоў турмы. Заўтра я сустракаюся з Алесем Бяляцкім, магчыма, і з іншымі. Жорсткая санкцыйная пазіцыя дае вынік, але не канчатковы. Амерыканцы выкарыстоўваюць палітыку "бізуна і перніка". Ужо амаль 200 палітвязняў вызваленыя. Гандлёвае пытанне таксама абмяркоўваецца, але мы каардынуемся з саюзнікамі ў NATO і ЕС, каб рэжым не адчуў сябе пераможцам і каб палітвязні атрымалі свабоду", падкрэсліў Олекас.

Палітык назваў умовы, пры якіх афіцыйная Вільня можа змяніць адносіны з Мінскам: "Мы спадзяемся перш за ўсё на вызваленне ўсіх палітвязняў і вяртанне затрыманага транспарту. На тэхнічным узроўні мы маем зносіны наўпрост, на палітычным — праз саюзнікаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.