Украіна ўвяла забарону на імпарт расійскіх прадуктаў
Урад Украіны зацвердзіў спіс расійскіх харчовых тавараў, увоз якіх будзе забаронены ў краіну з 10 студзеня 2016 года. Згодна з урадавай пастановай, да 5 жніўня 2016 года забараняецца ўвоз на мытную тэрыторыю Украіны 43 відаў тавараў расійскага паходжання.
У гэты спіс трапілі хлебабулачныя вырабы, шакаладныя цукеркі, мяса, рыба, кава, чорная гарбата, прадукты дзіцячага харчавання, цыгарэты з фільтрам, піва, гарэлка і шэраг іншых тавараў, паведамляюць украінскія СМІ.
Раней, 30 снежня прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў закон “Аб знешнеэканамічнай дзейнасці”, які дазваляе ўраду ўводзіць эканамічныя санкцыі супраць Расіі ў выпадку дыскрымінацыйных і недружалюбных дзеянняў з яе боку. Дакумент быў прыняты ў адказ на прыпыненне Расіяй дзеяння дамовы аб свабодным гандлі ў дачыненні Украіны.
Фота: kp.ua