Украіна можа байкатаваць чэмпіянат Еўропы па футзале з-за ўдзелу Беларусі

Прэзідэнт УАФ Андрэй Шаўчэнка / УАФ
Украіна адабралася на Еўра-2026 па футзале, але можа адмовіцца ад удзелу, калі там выступіць зборная Беларусі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украінскай асацыяцыі футбола Андрэй Шаўчэнка.
Цяпер украінцы вядуць кансультацыі з Літвой і Латвіяй, якія будуць арганізоўваць чэмпіянат, а тыя, у сваю чаргу, абмяркоўваюць сітуацыю з УЕФА.
“Калі мы будзем разумець, як гэта будзе рухацца, тады будуць і нашыя крокі. Калі гэта можа вырашыцца? Пакуль у мяне няма інфармацыі, таму што працягваюцца кансультацыі", — распавёў Шаўчэнка.
Беларуская каманда таксама прайшла кваліфікацыю на Еўра, але краіны-арганізатаркі не хочуць бачыць Беларусь сярод удзельнікаў турніру. Да таго ж у Латвіі і ва Украіне на заканадаўчым узроўні забаронены ўдзел нацыянальных зборных у спаборніцтвах з камандамі Расіі і Беларусі.
Для ўкраінскіх спартоўцаў ёсць выключэнне: яны могуць змагацца з прадстаўнікамі Расіі ці Беларусі толькі ў выпадку, калі тыя выступаюць у нейтральным статусе. Аднак УЕФА пакуль што не абмяжоўвае беларускую зборную па футзале ў выкарыстанні дзяржаўнага сцяга і іншых нацыянальных сімвалаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.