Уцякаючы з месца аварыі, п'яны кіроўца ўрэзаўся ў аўтамабіль даішніка

Уцякаючы з месца аварыі, п'яны кіроўца ўрэзаўся ў машыну супрацоўніка ДАІ. Як паведаміла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Маскоўскага РУУС сталіцы Любоў Трапашка, здарэнне адбылося ўвечары 28 сакавіка на праспекце Дзяржынскага ў Мінску. Мінчук за рулём "Пежо" ехаў у паласе для з'езду на вуліцу Алібегава. Аднак нечакана ён вырашыў памяняць маршрут і змяніў паласу. Манеўр апынуўся няўдалым — яго аўтамабіль сутыкнуўся з "Хондай", якой кіравала дзяўчына.
"Міма праязджаў супрацоўнік ДАІ, які вяртаўся дадому са змены. Разам з астатнімі ўдзельнікамі дарожнага руху ён аб'ехаў месца аварыі і працягнуў маршрут. Праз нейкі час у машыну міліцыянта ўрэзаўся аўтамабіль. Як выявілася, гэта быў той самы кіроўца "Пежо", — перадае БЕЛТА словы Любові Трапашка. Міліцыянт затрымаў парушальніка, які хацеў уцячы з месца папярэдняга ДТЗ і да таго ж быў моцна п'яны.
У сваім тлумачэнні мужчына заявіў, што нядаўна яго машыну стукнулі і яму давялося плаціць за яе рамонт. Таму цяпер ён вырашыў, што не будзе плаціць за прычыненую ім шкоду. Дарэчы, медагляд паказаў 2,2 праміле алкаголю ў крыві мужчыны.
Даішнікі склалі на яго пяць пратаколаў. Сам кіроўца, між іншага, мае 20-гадовы стаж і двойчы прыцягваўся за парушэнне ПДР — абодва разы за перавышэнне хуткасці.