Уцечку базы даных КДБ прапагандысты патлумачылі спецаперацыяй

КДБ
Уцечку базы даных праз узламаны сайт КДБ, якую зладзілі "Кіберпартызаны", прапагандысты патлумачылі аперацыяй спецслужбаў Лукашэнкі. Такая інтэрпрэтацыя прагучала ў сюжэце пра дастаўленага ў Беларусь уцекача Паўла Бялюціна, які паказалі на тэлеканале АНТ 30 чэрвеня.
У сюжэце заявілі, быццам "пастку" зрабілі на базе сайта КДБ у раздзеле "Электронныя звароты грамадзян і юрыдычных асоб". Туды нібыта дадалі зварот Бялюціна ад 31 студзеня 2017 года.
Паўтара года таму "Кіберпартызаны" ўзламалі сайт КДБ і апублікавалі базу даносаў. З яе стала вядома, што ў 2017 годзе Бялюцін напісаў данос на Мікалая Аўтуховіча, які нібыта рыхтуецца да ўзброенага захопу ўлады. У выніку скандалу партыя "Народная грамада" прыпыніла сяброўства Бялюціна, а таксама яго выключылі са спісу кандыдатаў у Каардынацыйную раду.
Прапагандысты заявілі, быццам сайт КДБ знарок зрабілі сайт уразлівым, а насамрэч ён "працаваў аўтаномна, ён не быў падключаны да іншых закрытых інфармацыйных сістэм".
Бялюцін пасля выяўлення даносу, як заявілі на АНТ, быў пазбаўлены статусу ўцекача ў Літве і спрабаваў знасці прытулак у іншых краінах Еўропы. Урэшце беларускія сілавікі яго нейкім чынам даставілі ў Мінск, але падрабязнасці не паведамляюцца.
"Кіберпартызаны" ў сваіх сацсетках размясцілі GIF-выяву з вядомым мемам дзяўчыны, якая смяецца, і адзначылі, што гэта і ёсць іх афіцыйны каментар на тэлесюжэт.
Сайт КДБ не працуе са студзеня 2024 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.