У затрыманага ў Беластоку таксоўца знайшлі спіс беларускіх палітуцекачоў

Афіцэры польскіх спецслужбаў

Афіцэры польскіх спецслужбаў / PAP

У таксоўца-беларуса, затрыманага ў Беластоку па падазрэнні ў шпіянажы, знайшлі спіс з імёнамі беларускіх палітуцекачоў у Польшчы. Пра гэта даведалася польскае RMF FM.

Як паведамлялася раней, мужчыну затрымалі падчас раскрыцця шпіёнскай сеткі беларускага КДБ у краінах Еўропы. Ён павінен быў здабываць для КДБ інфармацыю ў Польшчы і Венгрыі. Затрымалі яго супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW).

Польскае выданне паведамляе, што ў спісе, які знайшлі ў затрыманага, фігуруюць беларусы, якія атрымалі прытулак у Польшчы. Мужчына павінен быў сачыць за імі і перадаваць інфармацыю пра іх у КДБ.

Таксама польскія спецслужбы высвятляюць, ці займаўся мужчына нейкімі правакацыямі супраць фігурантаў спісу або спрабаваў іх скампраметаваць.

Людзей, якія фігуруюць у спісе, выклікаюць на допыты. Афіцэры ABW пытаюць у іх, ці сутыкаліся яны з пагрозамі, шантажом, а таксама — ці сочаць за імі.

Акрамя шпіянажу за беларускай дыяспарай затрыманага вінавацяць у разведцы супраць Польшчы. За перадачу інфармацыі ён павінен быў атрымліваць узнагароду.

Раней у СМІ паведамлялася, што мужчыну завуць Уладзіслаў Надзейка і ён уваходзіў у беластоцкую харугву "Паспалітага рушэння".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.