У Запарожжы завяршылі разбор завалаў — 376-я раніца вайны
Расійская ракета трапіла ў жылы дом у Запарожжы 2 сакавіка / @dsns_telegram
У Запарожжы, дзе расійская ракета 2 сакавіка трапіла ў пяціпавярхоўку, завяршылі разбіраць завалы. Нагадаем, у выніку атакі тады былі разбураны 10 кватэр з пятага па першы паверхі. За час пошукава-выратавальнай аперацыі супрацоўнікі ДСНС выратавалі тут 11 чалавек, а таксама чатырох катоў і сабаку.
Прапаўшымі без вестак застаюцца пяць чалавек. Загінулі 13 чалавек, у тым ліку дзіця. Пра гэта напісаў позна ўвечары ў нядзелю сакратар Запарожскага гарсавета Анатоль Курцеў. На сёння ў горадзе абвясцілі Дзень жалобы.
Адразу некалькі надзвычайных здарэнняў у Расіі. У Белгародскай вобласці спрацавала СПА — у Новым Асколе збіта 3 ракеты, напісаў у Telegram губернатар Вячаслаў Гладкоў. Ён таксама паведаміў, што пацярпеў адзін мужчына — у яго асколачныя раненні рукі. Акрамя таго, аскепкамі пашкоджаны некалькі фасадаў і лініі электраперадачы ў некалькіх вёсках.
А ў Маскоўскай вобласці гарэў коксагазавы завод. Расійскія СМІ сцвярджаюць, што выбух адбыўся ў цэху. Пра прычыны выбуху расіяне не паведамілі. А Hromadske нагадвае, што на мінулым тыдні гарэў нафтазавод "Раснафты" ў Краснадарскім краі. Паводле некаторых звестак, на тэрыторыі нафтабазы ўзарваліся два невядомыя дроны.
Два выбухі чулі ўчора і ў акупаваным расіянамі ўкраінскім Мелітопалі. Пра гэта паведаміў гарадскі галава Мелітопаля Іван Фёдараў. Гэтыя выбухі, з ягоных слоў, "скасавалі адразу дзве вайсковыя базы акупантаў. Чакаем пацверджання ад Генштаба УСУ".
На Московському коксогазовому заводі спалахнула пожежа, площа якої становить 200 квадратних метрів pic.twitter.com/658dyLP8o5
— hromadske (@HromadskeUA) March 5, 2023
У Генштабе УСУ тым часам паведамляюць, што "украінская авіяцыя за мінулыя суткі нанесла 12 удараў па раёнах засяроджвання акупантаў, падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі 3 пункты кіравання, 4 раёны засяроджвання і 1 пазіцыю сродку СПА праціўніка".
Расіяне працягваюць атакаваць на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім кірунках. Сілы абароны Украіны адбілі тут за суткі больш за 95 расійскіх нападаў.
Працягваюцца баі ў Бахмуце. Расійская крыніца "Рыбар" піша, што расійскія сілы патроху прасоўваюцца, а УСУ, апынуўшыся пад пагрозай акружэння, "пачалі частковы вывад войскаў з цэнтральных і заходніх раёнаў" горада. Украінскія крыніцы гэта абвяргаюць. Ніякіх "тактычных зменаў" з украінскага боку не было, УСУ трымае абарону. Пра гэта заявіў у каментары CNN намеснік камандзіра батальёна "Свабода" лейтэнант Нацгвардыі Уладзімір Назаранка.
"Адводу няма. Наадварот, прыходзяць новыя рэзервы, каб трымаць абарону. Увесь раён баявых дзеянняў знаходзіцца пад хаатычным абстрэлам, але паведамленне з горадам ёсць, ёсць маршруты, якія не перакрытыя", — адзначыў лейтэнант. Траса Бахмут-Канстанцінаўка — ключавы шлях да Бахмута і выхаду з яго — застаецца пад кантролем украінскіх вайскоўцаў, падкрэсліў Назаранка. Паводле яго слоў, "праціўнік шукае слабыя месцы, боем спрабуе адцягнуць нашы сілы, адцягвае нашы рэзервы, камбінуе розныя метады і тактыкі, але яны церпяць няўдачу". Пры гэтым "сітуацыя вакол Бахмута і на яго ўскраінах вельмі падобная на пекла, як гэта адбываецца на ўсім Усходнім фронце", кажа Назаранка.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падчас традыцыйнага вячэрняга відэазвароту адзначыў брыгады, якія цяпер ваююць на ўсходзе Украіны — за адвагу, трываласць і нязломнасць воінаў. "Адна з самых цяжкіх бітваў. Пакутлівая і цяжкая", — сказаў ён. Зяленскі таксама анансаваў "новыя вынікі для Украіны" на гэтым тыдні, а яшчэ казаў пра падрыхтоўку да наступнага ацяпляльнага сезона. Падрыхтоўка ўжо пачалася.
"Мы прапрацоўваем усе сцэнары і зробім усё, каб падысці да наступнай зімы гатовымі да любой пагрозы", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.
У Еўрапейскага саюза няма падстаў думаць, што Кітай плануе перадаць Расіі ўзбраенне. Пра гэта заявіла прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен на сумеснай прэс-канферэнцыі з канцлерам Германіі Олафам Шольцам.
"Мы не маем доказаў гэтага (планаў Пекіна даць зброю Расіі) цяпер, але павінны сачыць за гэтым штодня", — цытуе кіраўніка Еўракамісіі "Радыё Свабода".
Пра намер Кітая аказаць Расіі ваенную дапамогу пісала амерыканская прэса, у прыватнасці, The Wall Street Journal. Па дадзеных выдання, у ЗША ёсць разведданыя, якія могуць сведчыць пра тое, што Кітай абдумвае такія пастаўкі. У Пекіне на гэта адрэагавалі заўвагай, што гэта "усяго толькі здагадка". У самім Кіеве пакуль не бачаць прыкмет таго, што Кітай пагодзіцца перадаць Расіі ўзбраенне. Пра гэта на мінулым тыдні казаў кіраўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Украіны Кірыл Буданаў.