У вёсцы пад Івацэвічамі мужчына спрабаваў спаліць жонку з дзецьмі

Вясковец спрабаваў спаліць сваю сям'ю / Следчы камітэт
У вясцы Няхачава Івацэвіцкага раёна мужчына падпаліў дом, дзе былі яго жонка і дзеці. Інцыдэнт здарыўся 25 траўня, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Паводле версіі СК, мужчына нападпітку пасварыўся з жонкай. Пагражаючы расправай, ён абліў бензінам і падпаліў канапу ў доме. Жанчына з дзецьмі выбеглі на вуліцу. Аднак скандаліста гэта не спыніла.
"Ён кінуў у бок старэйшай дзяўчынкі вілы, а потым замкнуў сям'ю ў летняй кухні і спрабаваў падпаліць", — паведамляюць у СК.
Спынілі мужчыну ратавальнікі, якія прыехалі па выкліку на пажар у доме. Яны ліквідавалі пажар і пачулі крыкі аб дапамозе з летняй кухні. Выявілася, што пакуль ратавальнікі тушылі дом, мужчына спрабаваў спаліць летнюю кухню са сваёй сям'ёй. Ратавальнікі стрымлівалі дэбашыра да прыезду сілавікоў.
Пазней мужчына не змог патлумачыць прычыну сваіх дзеянняў, спаслаўшыся на моцнае ап'яненне.
33-гадоваму мужчыну выставілі абвінавачанне ў пагрозе забойствам і наўмысным пашкоджанні і знішчэнні маёмасці агульнанебяспечным спосабам. Ён знаходзіцца пад вартай.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.