У Вілейцы асуджаная пенсіянерка, якая падманула, што яе згвалціў сусед

У Вілейцы асуджаная пенсіянерка, жыхарка адной з вёсак, якая заявіла, што яе згвалціў сусед. У сакавіку да яе прыйшлі ў госці два мужчыны, яны распівалі спіртныя напоі. Адзін з іх заснуў і жанчына не магла яго абудзіць, таму выклікала міліцыю. А пра згвалтаванне прыдумала, каб "паскорыць міліцыянераў". Сказала па тэлефоне, што мужчына яе дамагаўся, спрабаваў згвалціць, парваў адзенне, але ёй удалося ад яго адбіцца, інфармуе сайт kraj.by.
Аднак, калі міліцыянеры прыехалі ў вёску, пенсіянерка сказала, што згвалтавання не было. Гэта пацвердзіў і яе госць, які не заснуў. У выніку на 68-гадовую жанчыну распачалі крымінальную справу за ілжывы данос. Днямі суд Вілейскага раёна асудзіў яе на 1 год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (пракурор патрабаваў для яе 1 год і 6 месяцаў). Таксама асуджаную будуць прымусова лячыць ад алкагалізму.