У Віцебску ўзвялі барыкады (фота)
У гістарычны цэнтры горада працягваецца барацьба з аўтамабілістамі.
Месяц таму вуліцу Суворава і прылеглыя да яе закрылі для руху, усталяваўшы ўпоперак праезнай часткі абмежавальныя слупкі. Такім чынам, скразны праезд па вуліцы Суворава ад вуліцы Урыцкага да Крылова стаў немагчымы.
Вольным для праезду ў старую частку горада заставаўся маршрут, які праходзіць па вуліцы Талстога. Ім апошнім часам карысталіся ахвочыя бліжэй пад’ехаць да кавярні ў пачатку Суворава і будынку міліцыі на Крылова.
Пад’езд да кавярні дагэтуль застаецца адкрытым, але далейшы шлях аўтамабіляў перакрылі, усталяваўшы на перакрыжаванні вуліц Суворава і Крылова барыкаду. Яна складаецца з лаўкі, металічнай агароджы і пластмасавай трубы, піша сайт “Народныя навіны Віцебска”.