У Віцебску кватэрную махлярку пасадзілі на 11 гадоў
Пенсіянерка абяцала даверлівым грамадзянам дапамагчы з будаўніцтвам льготнага жылля.
Віцебская пенсіянерка асуджаная на 11 гадоў зняволенне за буйное махлярства — яе ахвярамі сталі каля 30 чалавек, якія спадзяваліся пабудаваць жыллё па льготных тарыфах. Жанчына выдавала сябе за прадстаўніцу розных дзяржаўных структур і абяцала паспрыяць у вырашэнні кватэрнага пытання. Прычым яна называла суперльготныя тарыфы — да 10% ад рэальнага кошту жылля. Так яна атрымлівала грошы нібыта на хабары важным чыноўнікам, якія прысабечвала.
Апроч махлярства, фігурантку справы прызналі вінаватай у падбухторванні да дачы хабару, здзейсненым паўторна. Таксама суд далучыў да абвінаваўчага вердыкту неадбытую частку пакарання паводле прысуду 2002 года. Тады жанчына таксама была асуджаная за махлярства ў асабліва буйным памеры. Праз пяць гадоў яна выйшла з турмы і вырашыла ўзяцца за старое.
Апроч 11 гадоў зняволення, суд прызначыў ёй таксама канфіскацыю маёмасці. Прысуд пакуль не набыў законную моц і цягам 10 дзён можа быць абскарджаны, перадае БЕЛТА са спасылкай на пракуратуру Віцебска.
Фота з архіву