У венесуэльскай турме падчас пажару загінулі амаль 70 чалавек
У венесуэльскай турме ў штаце Карабоба адбыўся бунт зняволеных, які скончыўся пажарам. Пры гэтым загінулі 68 чалавек, перадаюць міжнародныя імнфармагенцтвы.
Паведамляецца, што бунт пачаўся зранку 28 сакавіка. Па словах відавочцаў, спачатку былі чуваць гукі перастрэлкі, а потым з тэрыторыі турмы пачаў падымацца густы дым. Маці аднаго са зняволеных кажа, што сын паспеў ёй затэлефанаваць і сказаць, што іх збіраюцца забіць, разліваючы бензін проста ў камеры.
Генеральны пракурор Венесуэлы заявіў пра 68 загінулых падчас бунту і жару — 66 мужчын і дзве жанчыны. Частка людзей памерла ад апёкаў, частка — ад атручвання чадным газам і дымам.
Неафіцыйна СМІ перадавалі спярша пра 78 загінулых. Дзесяць загінулых, па звестках журналістаў, — гэта жанчыны, якія прыйшлі наведаць зняволеных. Агулам на момант пажару ў турме было 100 чалавек.