У Ваеннай акадэміі Беларусі пачаліся заняткі па кіраванні беспілотнікамі
На занятках у Ваеннай акадэміі / БЕЛТА
У Ваеннай акадэміі Беларусі нядаўна пачаліся першыя заняткі па кіраванні беспілотнікамі. Кафедра спецыяльнай падрыхтоўкі і баявога прымянення БПЛА адкрылася ў канцы мінулага года. Навучанне пройдуць усе курсанты Ваеннай акадэміі. Яны атрымаюць пасведчанні аператараў беспілотных лятальных апаратаў.
Фотарэпартаж з практычных заняткаў курсантаў апублікавала БЕЛТА.
У Мінабароны Беларусі спадзяюцца ў бліжэйшыя гады "закрыць патрэбу ў гэтых спецыялістах [аператараў беспілотнікаў] для Узброеных сіл". Кваліфікацыю аператара БПЛА будуць мець усе афіцэры запасу — на вайсковых факультэтах і кафедрах усіх ВНУ створаць спецыялізаваныя класы іх падрыхтоўкі. А Беларускае добраахвотнае таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту пачало навучаць моладзь (спачатку школьнікаў, а пасля і студэнтаў) і абяцае да 2026 года "цалкам забяспечыць сілавыя структуры аператарамі дронаў".
А яшчэ ў беларускім войску ствараюць новыя цэнтры падрыхтоўкі аператараў беспілотнікаў, у тым ліку FPV-дронаў.