У Тэрнопалі пасля расійскага абстрэлу працягваюць шукаць 22 чалавек

Разбураны дом у Тэрнопалі

Разбураны дом у Тэрнопалі / ДСНС Украіны

Ва ўкраінскім Тэрнопалі працягваюцца пошукава-выратавальныя работы пасля расійскага ўдару, нанесенага па горадзе 19 лістапада.

Застаецца невядомым лёс 22 чалавек — іх працягваюць шукаць, паведамляе hromadske.ua. Да работ прыцягнулі больш за 230 ратавальнікаў з дзевяці рэгіёнаў. Прычым на некаторых участках можна працаваць толькі ўручную, без выкарыстання тэхнікі — праз моцныя разбурэнні і раздробненасць канструкцый.

Расійскія войскі атакавалі Тэрнопаль зранку ў сераду ўдарнымі беспілотнікамі і ракетамі. Былі разбураныя два шматпавярховыя жылыя дамы — на вуліцах Стуса і 15 Красавіка. У выніку абстрэлу загінулі 26 чалавек, у тым ліку трое дзяцей. Яшчэ 93 чалавекі, у тым ліку 18 дзяцей, — траўмаваныя.

У выніку абстрэлу ў паветры горада зафіксавалі павышанае ўтрыманне хлору — у шэсць разоў вышэй за норму. Мясцовых жыхароў заклікалі па магчымасці не выходзіць з дому і зачыніць вокны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.