Ад начнога расійскага ўдару па Харкаве пацярпелі 36 чалавек, у тым ліку дзеці
Наступствы атакі ў Харкаве / Харкаўская АВА
У ноч на 19 лістапада расійскія войскі атакавалі Харкаў. Паводле папярэдніх звестак, па жылых раёнах горада былі накіраваныя 19 БПЛА тыпу "Герань-2", піша hromadske.ua.
36 чалавек звярнуліся па меддапамогу, сярод іх — двое дзяцей 9 і 13 гадоў. У дзяцей лекары дыягнаставалі вострую рэакцыю на стрэс. Шасцярых пацярпелых шпіталізавалі.
Харкаўская паліцыя паведаміла, што падчас атакі былі пашкоджаныя больш за 10 шматкватэрных дамоў, гаражы, памяшканні грамадзянскіх прадпрыемстваў, падстанцыя хуткай дапамогі, супермаркет, трэнажорная зала, крама, школа, дзясяткі аўтамабіляў і тралейбусаў.
Таксама пад расійскімі ўдарамі ўначы аказаліся Днепр, Тэрнопальская, Львоўская і Івана-Франкоўская вобласці. У Тэрнопалі удар быў нанесены ў шматпавярховы жылы дом, ужо вядома пра двух загінулых.
Акрамя таго, цэлямі нападу сталі аб'екты энергетыкі. У шэрагу абласцей былі ўведзеныя аварыйныя адключэнні электраэнергіі.