У сям'і беларускі ў Італіі забралі дваіх дзяцей
Дзіця, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У італьянскім горадзе Арэца ў сям'і беларускі і італьянца паводле рашэння суда забралі дваіх дзяцей чатырох і васьмі гадоў. Пра гэта піша выданне "Зеркало" са спасылкай на італьянскія СМІ.
Бацькі — Харльд з Бальцана і Надзея з Беларусі. Паведамляецца, што яны не выконвалі ўсе працэдуры хатняга навучання і вакцынацыі, а таксама перашкаджалі сацыяльным службам праводзіць медыцынскія праверкі дзяцей.
Суд пастанавіў забраць у іх дзяцей. Гэтае рашэнне выканалі сацыяльныя работнікі ў суправаджэнні карабінераў. Дзеці ўжо 47 дзён знаходзяцца ў прытулку.
"Ужо 47 дзён мы не ведаем пра нашых дзяцей нічога. Ніводнага тэлефанавання. Нават на іх дні нараджэння ў мінулым месяцы. Мы разбураныя. Чаму ўсё гэта? Што мы зрабілі не так?" — абураецца Надзея.
Падрабязнасці забірання дзяцей расказаў іх бацька. Паводле яго, гэта адбылося 16 кастрычніка а 11-й гадзіне раніцы. Тады ім пазванілі ў браму два карабінеры і папрасілі, каб Харльд прывёў жонку, каб уручыць важны дакумент.
"Гэта была пастка. З лесу з'явіліся больш за дзесяць супрацоўнікаў у абмундзіраванні для разгону мітынгаў, яшчэ дзясятак акружыў нас, каб не даць вярнуцца дадому. Я зразумеў, што адбываецца. Я закрычаў старэйшаму сыну, каб не адчыняў дзверы. У адказ галоўны інспектар прыгразіў: "Калі ты не адчыніш дзверы, мы іх усё роўна выб'ем!" Нашы дзеці былі дома. Мой сын падумаў, што гэта я, і адчыніў дзверы", — згадвае мужчына.
Ён падаў скаргу на дзеянні ўладаў.