У Свіслачы больш няма гімназіі імя Кастуся Каліноўскага
Навучальная ўстанова ў Свіслачы насіла імя Кастуся Каліноўскага / vk.com
У Свіслачы больш няма гімназіі імя Кастуся Каліноўскага. Цяпер яна носіць імя падпольшчыцы Праскоўі Васіленка. Падчас Другой сусветнай вайны дзяўчына працавала ў нямецкай сталоўцы, дзе брала ежу для партызан і ім жа перадавала пачутую інфармацыю пра акупантаў. У 1943 годзе за сувязь з партызанамі Васіленка павесілі. Школьны музей цяпер "знаходзіцца на рэканструкцыі" і ў ім ужо не будзе нічога пра Каліноўскага, які вучыўся ў Свіслачы. Гімназія была названая ў гонар Кастуся Каліноўскага яшчэ ў савецкія часы (тады яна яшчэ была школай).
Пра перайменаванне паведаміла прапагандыстка Вольга Бондарава.
Як піша "Наша ніва", у аддзеле адукацыі Свіслацкага райвыканкама на пытанне аб прычынах перайменавання гімназіі адказалі, што "асоба Каліноўскага на сённяшні дзень не з'яўляецца такой папулярнай, таму і прынялі такое рашэнне". Яно было падтрыманае ў Гродне і Мінску. Чыноўнікі кажуць, што прыярытэт пры наданні новага імя цяпер у герояў Вялікай Айчыннай вайны.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае змаганне з памяццю пра кіраўніка вызваленчага паўстання 1863-1864 гадоў ("са створаным у савецкай гістарыяграфіі міфам пра Каліноўскага"). Сёлета кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі параўнаў Каліноўскага з Бандэрам і Шухевічам. У Маскве за гэтым уважліва сочаць.
Прапаганда шалее ад таго, што ва Украіне шануюць памяць пра Кастуся Каліноўскага (называюць вуліцы), што яго імя носіць беларускае падраздзяленне, якое змагаецца супраць расійскіх акупантаў.