У суд перадалі справу мінчанкі, якая знялася каля Вечнага агню з БЧБ-сцягам
Свой ролік дзяўчына здымала з бел-чырвона-белым сцягам / УУС Мінгарвыканкама
Крымінальная справа ў дачыненні да 28-гадовай мінчанкі К., якая абвінавачваецца ў хуліганстве і здзеках з гісторыка-культурнай каштоўнасці, перададзеная ў суд, паведамляе Генпракуратура.
У жніўні 2020 года дзяўчына знаходзілася ля манумента Перамогі ў Мінску, дзе "ў прысутнасці іншых асоб дэманстратыўна сядзела на мармуровай пліце, усталяванай на рытуальнай пляцоўцы з Вечным агнём і абеліскам", сказана ў паведамленні.
Пасля гэтага, паводле дадзеных следства, мінчанка пачала танцаваць на элеменце помніка і бегаць па яго пляцоўцы.
Свае дзеянні абвінавачаная зняла на камеру мабільнага тэлефона, а затым размясціла відэаролік у сацсетцы Tik Tok.
Цяпер крымінальная справа па двух артыкулах КК перададзеная ў суд. Дзяўчыне пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. У яе дачыненні пакінутая без змены мера стрымання ў выглядзе асабістага паручальніцтва.
Як паведамляла раней Еўрарадыё, мінчанка К. хацела выкарыстоўваць сваё відэа для будучага кліпа на песню "Нас не дагоняць" ТаТу. Меркавалася, што справа абмяжуецца "адміністрацыйнай".