У РФ расследуюць забойства вагнераўцаў, якія не захацелі ўдзельнічаць у мецяжы
Вагнераўцы / iz.ru
У Расіі расследуюць забойства двух вагнераўцаў, якія не захацелі ўдзельнічаць у мецяжы ў чэрвені. 6 ліпеня іх трупы знайшлі ў лесе ў Варонежскай вобласці (побач была зброя — аўтаматы, кулямёт, патроны, гранаты). 17 ліпеня па гэтай справе паліцыя затрымала 25-гадовага ўраджэнца Кыргызстана Яраслава Шахаўцова. Яго падазраюць у забойстве двух чалавек.
Як піша Baza, затрыманы прызнаўся ў забойстве. Шахаўцоў сам з'яўляецца наймітам з ПВК "Вагнер".
Асобы загінулых яшчэ высвятляюцца.
"Паход на Маскву" некалькіх тысяч вагнераўцаў з баявой тэхнікай адбываўся 23-24 чэрвеня. Яны спыніліся ў 200 кіламетрах ад расійскай сталіцы. У выніку перамоваў перад удзельнікамі ПВК "Вагнер" паставілі выбар: заключэнне кантрактаў з Мінабароны РФ, сыход у мірнае жыццё ці ў Беларусь. У нашу краіну ўжо прыбыло не менш за паўтысячы вагнераўцаў.