У РФ прапануюць не караць за забойствы дзеля "традыцыйных каштоўнасцяў"

Канстанцін Чуйчанка / Фотабанк "Роскангрэс"
Людзей, якія ўчынілі забойствы дзеля абароны "маральных каштоўнасцяў", варта вызваляць ад крымінальнай адказнасці. Такую прапанову агучыў кіраўнік Мінюста Расіі Канстанцін Чуйчанка.
Чыноўнік нагадаў, што ў РФ ёсць дзве падставы для вызвалення ад крымінальнай адказнасці, і прапанаваў увесці трэцюю. "У нас на сённяшні дзень вызваляецца [ад крымінальнай адказнасці], калі чалавек дзейнічаў у стане крайняй неабходнасці або ў стане неабходнай абароны, а калі ён абараняў маральныя каштоўнасці?" — перадае moscowtimes.ru выступ Чуйчанкі на Пецярбургскім міжнародным юрыдычным форуме.
Раней Чуйчанка заявіў, што ўмацаванне дзяржаўнасці ў Расіі павінна стаяць вышэй, чым забеспячэнне правоў грамадзян і вяршэнства закона. Ён аргументаваў гэта тым, што "слабая дзяржава ніколі не зможа належным чынам забяспечыць правы нашых грамадзян". А ўмацоўваць дзяржаўнасць, на думку чыноўніка, трэба праз больш жорсткую адказнасць за парушэнне заканадаўства аб замежных агентах.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.