У Расіі затрымалі беларуса, які там хаваўся 17 гадоў (фота, відэа)

У Расіі затрымалі 51-гадовага грамадзяніна Беларусі Аляксандра Яцыновіча. Ён 17 гадоў хаваўся ад беларускай міліцыі пасля таго, як у кастрычніку 1997-га ў Мінску застрэліў аднаго чалавека і параніў другога. Працяглы час беларус па падробных дакументах жыў у Расіі, на тэрыторыі Калінінградскай вобласці ўдзельнічаў у выкраданні чалавека. Пасля хаваўся ў Літве, быў аб'яўлены ў міжнародны вышук.

Вось што распавёў начальнік упраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі Георгій Яўчар:

"Мужчына вельмі добра маскіраваўся, змяняў сваю знешнасць, выкарыстоўваў выдуманыя імёны і прозвішчы, падробныя дакументы. Тым не менш, дзякуючы ўзаемадзеянню з расійскімі калегамі, супрацоўнікамі крымінальнага вышуку МУС Беларусі на здымнай кватэры ў Пскове ўдалося затрымаць беларуса".

Цяпер абмяркоўваецца пытанне экстрадыцыі Аляксандра Яцыновіча на радзіму. Зусім магчыма, што ён спачатку адбудзе пакаранне ў Расіі за здзейсненае на яе тэрыторыі злачынства і толькі пасля гэтага апынецца ў Беларусі, каб атрымаць пакаранне па справе 1997 года.

Фота, відэа: mvd.gov.by