У Рагачове група на чале з аднарукім інвалідам скрала 700 кг бронзы
Прычым метал яны спілавалі са стэлы, пастаўленай на ўездзе ў горад.
Стэла, пастаўленая на ўездзе ў Рагачоў, за мінулую зіму пазбылася бронзавага барэльефа. Як піша onliner.by, зламыснікі ў два заходы (у снежні і студзені) знялі са стэлы 700 кг бронзы.
Цяпер мясцовая міліцыя затрымала пяць падазроных, у іх дамах ідуць ператрусы. Усе яны — жыхары суседняга райцэнтра Карма. На чале групы стаяў аднарукі інвалід. Як мяркуецца, ён і распрацоўваў аперацыі.
Па словах міліцыянтаў, узрост падазраваных — ад 20 да 27 гадоў, большасць ужо мае судзімасці за хуліганства.
Праваахоўнікі кажуць, што ў снежні мужчыны адпілавалі нажоўкай па металі 200 кг бронзы. Потым каляровы метал распілавалі і здалі ў легальны прыёмны пункт у Карме. Н першых двух кавалках група зарабіла 10 мільёнаў рублёў. Прыёмшчыкі, якія цяпер таксама даюць паказанні следчым, кажуць, што не ведалі пра паходжанне бронзы. Потым метал быў нелегальна перапраўлены ў Расію.
У студзені група яшчэ раз наведала стэлу і цалкам зрэзала барэльеф.
Шкода ад іх дзеянняў яшчэ падлічваецца.

Фота — onliner.by