У Пскоўскай вобласці ў ДТЗ трапіў мікрааўтобус з Беларусі, загінуў адзін чалавек

У Пскоўскай вобласці ў ДТЗ трапіў мікрааўтобус з Беларусі, загінуў адзін чалавек

У Пушкінагорскім раёне Пскоўскай вобласці ў дарожна-транспартнае здарэнне трапіў мікрааўтобус з Беларусі, загінуў адзін чалавек. Як паведамляе сайт informpskov.ru, адбылося яно ўначы 31 траўня на 385-м кіламетры трасы Санкт-Пецярбург — Невель. “Фольксваген Транспарцёр” ехаў з Санкт-Пецярбурга ў Мінск, ім кіраваў 42-гадовы мужчына. На ўчастку, на якім праводзяцца рамонтныя працы, мікрааўтобус наехаў на жалезабетонны блок.

Пазней кіроўца распавёў, што ехаў за грузавіком. Калі ж ён пачаў аб’язджаць перашкоду, беларус не ўбачыў дарожныя знакі, якія папярэджвалі пра перашкоду і не паспеў пазбегнуць сутыкнення. У “Фольксвагене” ехалі 8 пасажыраў. Загінуў 27-гадовы мужчына. 24-гадовы пасажыр атрымаў шматлікія траўмы і быў шпіталізаваны. Яшчэ трое мужчын атрымалі нязначныя траўмы, ім шпіталізацыя не спатрэбілася, яны паехалі далей на спадарожным транспарце.

Па факце ДТЗ, у якім загінуў чалавек, распачалі крымінальную справу.