У Пружанскім раёне збіралі кансервы для Данбаса
Кансервы для акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны / budni.by
У Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці збіралі гуманітарную дапамогу для Данбаса. Акцыю правялі мясцовыя арганізацыі "Белай Русі", розных устаноў і арганізацый (сярод іх — СШ № 3, Брэсцкая абласная праектна-вышукальная станцыя хімізацыі). На прадпрыемстве "Ружаны-Агра" сабралі больш за 53 кг прадуктаў харчавання: кансервы, крупы, макаронныя вырабы, цукеркі, гарбату.
Як піша пружанская газета "Раённыя будні", акцыя мае назву "Белая Русь" — дзецям Данбаса". Сцвярджаецца, што да яе нібыта "далучылася вялікая колькасць жыхароў Пружаншчыны".
У Брэсцкай вобласці гуманітарны груз для "дзяцей Данбаса" арганізацыі "Белай Русі" збіраюць з мінулага года. А ў Полацкім раёне Віцебскай вобласці сёлета збіралі пасылкі для жыхароў акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны (раённая газета "Полацкі веснік" напісала "вызваленых тэрыторый", але пасля выдаліла гэты тэкст).