У плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў БАТЭ згуляе з "Партызанам"
Першы матч з бялградскай камандай барысаўчане згуляюць дома 18 жніўня.
У плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў БАТЭ згуляе з чэмпіёнам Сербіі бялградскім "Партызанам". Такі вынік лёсавання, якое прайшло 7 жніўня у швейцарскім Ньёне ў штаб-кватэры УЕФА.
Першы матч паміж БАТЭ і “Партызанам” адбудзецца 18 жніўня на “Барысаў-Арэне”. Гульня ў адказ пройдзе 26 жніўня ў Бялградзе.
Футбольны клуб "Партызан" быў заснаваны афіцэрамі Югаслаўскай Народнай Арміі ў 1945 годзе. У групавой стадыі еўракубкаў каманда гуляе з 2003 года. Тады яна ўпершыню выйшла ў Лігу чэмпіёнаў, дзе здолела набраць усяго 3 ачкі. У розыгрышы Кубка УЕФА 2004/2005 (сённяшняй Лізе Еўропы) "Партызан" дайшоў да 1/8 фіналу.
З 2006 па 2009 гады бялградскі клуб стабільна трапляў у групавы этап Кубка УЕФА. Аднак у 2007-м ён быў выключаны з розыгрышу з-за паводзінаў фанатаў, вядомых па назве "Гробари" (магільшчыкі). У 2010-м клуб зноў прабіўся ў Лігу чэмпіёнаў. З таго часу "Партызан" больш не трапляў у групавы этап еўракубкаў.
Згодна з дадзенымі сайта transfermarkt.de, сумарны трансферны кошт гульцоў "Партызана" ― амаль 20 мільёнаў еўра. Самая галоўная зорка клуба ― 19-гадовы нападаючы Андрыя Жыўкавіч (кошт якога 4 мільёны еўра).
Для параўнання: сумарны трансферны кошт гульцоў БАТЭ ― 17 мільёнаў еўра. Самы дарагі футбаліст ― абаронца Дзяніс Палякоў (1,6 мільёна еўра), які цяпер траўмаваны.
Сёння ж пройдзе лёсаванне плэф-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы, дзе вызначыцца сапернік мінскага "Дынама".
Фота: xsport.ua